МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ На Пд Украіны. Утворана 22.9.1937. Пл. 24,6 тыс.км2. Нас. 1,4 млн.чал. (1997), гарадскога 65%. Цэнтр — г.Мікалаеў. Найб. гарады: Первамайск, Вазнясенск, Ачакаў.
Прырода. Большая ч. тэрыторыі вобласці размешчана ў межах Прычарнаморскай нізіны, на Пн — адгор’і Прыдняпроўскага ўзв. (выш. да 240 м), парэзаныя сеткай яроў, лагчын, далін. Карысныя выкапні: граніт, вапнякі, гнейсы, мергель, каалін, гіпс, графіт. Ёсць крыніцы мінер. вод і лек. гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -4 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Гал. рака Паўд. Буг з прытокам Інгул, на У Інгулец (бас. Дняпра). Чарнаморскае ўзбярэжжа зрэзана ліманамі (Бугскі, Беразанскі, Тузлаўскі, Тылігульскі, Дняпроўскі). Глебы пераважна чарназёмныя і цёмна-каштанавыя. Карэнныя стэпы разараныя. Пад лесам і хмызнякамі каля 2% тэрыторыі (дуб, асіна, клён, чорная таполя). Частка Чарнаморскага запаведніка.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне (суднабудаванне, вытв-сць дызеляў, энергет. і пад’ёмна-трансп. абсталявання, дажджавальных установак, прэсавых вузлоў), хім. (вытв-сць пластмас, гліназёму), харч. (мясная, малочная, мукамольная, агародніна- і рыбакансервавая, цукр., вінаробная), лёгкая (трыкат., швейная, гарбарна-абутковая), парфумерна-касметычная. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, жалезабетонныя вырабы, цэгла, чарапіца); кар’еры па здабычы граніту. Энергет. базай служаць ГЭС на р.Паўд. Буг (Аляксандраўская, Канстанцінаўская, Первамайская), ТЭЦ (г. Мікалаеў), Паўд.-Укр.АЭС. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, сланечніку, малочна-мясной жывёлагадоўлі. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 2 млн.га, у т.л. пад пасяўнымі пл. 1,6 млн.га. Вял. масівы арашальных зямель. Сеюць збожжавыя (пшаніцу, ячмень, кукурузу), тэхн. (сланечнік, цукр. буракі, каляндра, клешчавіна, соя) культуры. Агародніцтва, садоўніцтва, на Пд вінаградарства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, птушку. Трусагадоўля, пчалярства, сажалкавае, рыбаводства. Марское рыбалоўства. Даўж. чыгунак 766 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5 тыс.км. Чыг. вузлы: Мікалаеў, Вазнясенск, Первамайск, Снігіроўка. Марскія парты Мікалаеў і Ачакаў. Суднаходства па р.Паўд. Буг, у нізоўях рэк Інгул і Інгулец. Прыморскія кліматычныя курорты Коблева, Ачакаў.